На другім рэактары адзінай венгерскай атамнай электроўні Пакш у 2003 годзе здарыўся "сур’ёзны інцыдэнт" (ўзроўню 3 па шкале INES – Міжнароднай шкале ядзерных здарэнняў).
Электрастанцыя ў Пакшы складаецца з чатырох рэактараў ВВЭР-440 (http://en.wikipedia.org/wiki/Paks_Nuclear_Power_Plant). Другі рэактар заглушылі для планавага штогадовага абслугоўвання, з яго выгрузілі 30 паліўных зборак і памясцілі апошнія ў прыладу для хімічнай ачысткі паліўных элементаў. Расійскія зборкі ядзернага паліва патрабуюць перыядычнай ачысткі ад карозіі і пылу, дзеля чаго ў 2001 годзе ў Пакшы паставілі адмысловую нямецкую ўстаноўку.
28 сакавіка 2003 рэактар спынілі для планавага абслугоўвання, а паліва перагрузілі ў кантэйнер устаноўкі для ачысткі. Але Framatome ANP (супольнае прадпрыемства французскай кампаніі Areva і нямецкай Siemens) – распрацоўшчык і пастаўшчык абсталявання – нешта недаразлічыў з ахалоджваннем. З-за перагрэву са зборак 10 красавіка пачалі выдзяляцца радыёактыўныя газы. Работнікі станцыі ў спробах разабрацца ў прычынах здарэння занадта рэзка пусцілі халодную ваду – зборкі з-за перападу тэмператур атрымалі пашкоджанні, а ў ваду ахаладжальнага басейна паступілі дадатковыя радыёнукліды (http://www10.antenna.nl/wise/index.html?http://www10.antenna.nl/wise/586/5507.html).
Радыёактыўныя газы (ў тым ліку крыптон-85) з рэактарнай залы паступілі ў навакольнае асяроддзе – 160 тэрабекерэляў толькі за 10 красавіка (а выкіды працягваліся некалькі дзён). Рэактар прастаяў больш за год, і толькі ў верасні 2004 яго ўдалося ізноў запусціць.
І з такім вось персаналам і ўзроўнем бяспекі Венгрыя збіраецца будаваць яшчэ два блокі АЭС (http://www.atomic-energy.ru/taxonomy/term/309). Пажадаем венгерскаму ўраду правалу ў гэтай неразумнай задуме.