23 лістапада ГА "Экадом", Беларуская партыя "Зялёныя" і расійская група "Экозащита!" правялі прэс-канферэнцыю, на якой агучылі сваё стаўленне да працэсу грамадскіх абмеркаванняў АЭС і планы на бліжэйшую будучыню.
Сябры гэтых арганізацый не лічаць сход грамадскасці, які прайшоў 9 кастрычніка б.г. у Астраўцы, грамадскімі слуханнямі. На іхную думку, гэты фарс "падрывае веру беларускай грамадскасці ў справядлівасць і законнасць і ставіць сабе на мэце ўвядзенне ў зман улады і грамадзян іншых краін". Удзельнікі прэс-канферэнцыі звярнулі ўвагу журналістаў на шматразовыя парушэнні нацыянальнага і міжнароднага заканадаўства ў працэсе падрыхтоўкі і грамадскага абмеркавання папярэдняй ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС.
Падрабязна пазіцыя трох арганізацый па гэтым пытанні выкладзеная ў іх супольнай заяве.
Таксама прадстаўнікі памянёных вышэй арганізацый заявілі пра свой намер правесці грамадскую экалагічную экспертызу, каб атрымаць больш дакументацыі па праекце беларускай АЭС і больш аргументавана раскрытыкаваць гэты праект. Прадстаўнік "Экозащиты!" Андрэй Ажароўскі запэўніў, што яго арганізацыя ўжо мае вопыт удзела ў грамадскіх экалагічных экспертызах і акажа беларускім калегам пасільную падтрымку.
Згоду прыняць удзел у экспертызе падцвердзілі доктар тэхнічных навук Георгі Лепін і член-карэспандэнт НАН Беларусі Іван Нікітчанка, таксама прысутныя на прэс-канферэнцыі 23 лістапада. Старшыня партыі зялёных Алег Новікаў заявіў, што да экспертызы па магчымасці будуць прыцягнутыя і адмыслоўцы з Заходняй Еўропы.
На заканчэнне яшчэ адзін з экспертаў – Яўген Шырокаў – прапанаваў беларускім уладам не будаваць замкі з пяску, а заняцца рэальнымі справамі (напрыклад, падвышэннем энэргаэфектыўнасці ў будаўніцтве ды іншых галінах гаспадаркі, дзе Беларусь адстае ад суседніх краін на гады).
Пра прэсавую канферэнцыю глядзі таксама паведамленні Белапан, Белсат (выпуск навінаў) і радыё "Свабода".