Падчас 15-й канферэнцыі бакоў Рамкавай канвенцыі ААН
па зменах клімата, якая праходзіла 7-18 снежня ў Капенгагене (Данія),
адбываліся шматлікія пратэсты, у тым ліку супраць атамнай энэргетыкі.
Атамная энэргетыка — гэта не спосаб барацьбы са зменамі клімату, бо яна
небяспечная для здароўя чалавека і навакольнага асяроддзя, патрабуе
пастаянных вялікіх затрат і не вядзе да змяншэння выкідаў парніковых
газаў, лічаць удзельнікі міжнароднай кампанія грамадскіх арганізацый “Don’t Nuke the Climate!“.
«Не падвяргайце клімат ядзернай бамбардзіроўцы!» — вялізная расцяжка з такім
лозунгам была вывешаная 5 снежня насупраць будынку «Бэла-цэнтра», дзе праходзіла
канферэнцыя ААН. Гэты заклік прагучаў у дэкларацыі “народнага кліматычнага саміта” Klimaforum09, на статысячнай дэманстрацыі 12 снежня (там быў асобны антыатамны блок) і ў межах іншых акцый грамадскіх арганізацый і рухаў.
Беларускія ўдзельнікі гэтых падзей выступілі з патрабаваннем спыніць
будаўніцтва АЭС у краіне. Транспарант «Астравецкая АЭС — дзякуй, не
трэба!» быў вывешаны каля будынку парламента ў Капенгагене падчас
вялікай дэманстрацыі 12 снежня (глядзі фота вышэй).
13 снежня да “Бэла-цэнтра” выйшла інтэрнацыянальная група маніфестантаў
з лозунгам “Stop NPP in Belarus!” («Спыніць АЭС у Беларусі!»), а 14
снежня гэты самы транспарант быў выстаўлены на акцыі ўнутры
«Бэла-цэнтра» падчас канферэнцыі.