Зорка Палын: Творы беларускіх паэтаў пра чарнобыльскую трагедыю

Зорка Палын: Творы беларускіх
паэтаў пра чарнобыльскую трагедыю
/ Укладанне
А. І. Бельскага; прадмова С. С. Шушкевіча. Мінск: Мастацкая
літаратура, 1993. 255 с.

 

Рыгор Барадулін

Жалоба

Пасля чарнобыльскае навалы

На Беларусь прыпала

Сем – з дзесяці –

Хірасім.

Хапіла
ўсім.

Атам

Зрабіў
Беларусь удавою.

А ва ўдавы

Не зачыняюцца хлявы,

Павыпушчана гавяда.

Статак пасвіць бяда.

А ва ўдавы

Някошаны паплавы

І пожні някошаны.

Госці запрошаны

З ласкі бяды.

На Дзяды.

Маўклівы кат

Не мыліць
пятлі.

На нашай зямлі

Ці паўторыцца наш працяг?

Ці ў
жарстве захаваецца след?

Як стронцый трашчыць

У нашых касцях,

Ці чуе
свет?

 

Перасцярога

Чарнобыльскі пыл, як
смецце,

Вятры пазмятуць куды?

Жывём мы на гэтым свеце

Заложнікамі
бяды.

Пылінкі, пылінкі,
пылінкі,

Імглінкі надзей і
людзей.

У небе з дрыготкай
былінкі

Страсаецца
знічка радзей,

Яна да зямлі дакрануцца

Баіцца,

А можа, зусім

Не хоча,

Бо ліўні лінуцца –

Прыспешнікі
лютасных зім.

І выйдуць завеі на
шпацыр,

Абрэзаўшы рукі галлю,

І вечная сцюжа ў панцыр

Заложніцай возьме

Зямлю.

 

Дазвол

На час
галоснасці

Мы атрымалі дазвол

Галасіць бабрамі па роднай
мове.

Няхай лебядой зарастае падзол,

Няхай там народ будзе гол як
сакол,

Мы боб сваіх слёз збіраць у
прыпол,

Як піянеры, заўжды наўзгатове.

А карта рэспублікі ў плямах,

Нібы

Бруцэлёзная,

Прыгнаная з Прусіі па вайне
карова.

Ёсць карта,

Дзе нельга збіраць грыбы,

Дзе могуць магілы выпростваць
гарбы,

Дзе ўчуем голас

Архангельскае
трубы.

Зямля маўчыць,

Як народ, сурова.

Ад радыяцыі

Беларусь гарыць.

Ці будзе, наогул,

Каму
гаварыць?

 

Лямант

1

Зноў,

Як на дасвецці
чалавецтва,

Чалавеку ўпуджанаму
трэба,

Затаіўшыся,

Баяцца неба,

Біць паклон счарнелай
галавешцы,

Што пакінула ад саду
полымя.

Не святлець ад радасці,

Як з поўнымі

Вёдрамі

Дарогу пераходзяць,

Бо і чыстая вада
зашкодзіць

Можа,

Хоць і прадзеды і ўнукі

Гаварылі на сваім раду:

Няма нічога

Брудней за рукі,

Няма нічога

Чысцей за ваду –

Вада падыме травы нямыя

І нас у шлях наш апошні
абмые.

Калі віталі раней
маладую,

Дык пажаданку казалі
такую:

Будзь здарова, як
карова,

І багата, як зямля,

І пладліва, як свіння,

А тут і зямля

Заглынула атруту,

Панюхаць боязна

Мяту-руту.

Нельга радавацца
сырадою,

Бо заручаны сырадой з
бядою.

Не заручаны –

Атручаны.

І матчына малако святое

У сабе нешта тоіць не
тое.

Няўжо

І Млечны Шлях
атруціцца,

Пакуль зямля наша

Цяжка круціцца?

Няўжо гэта людзі
павінны

Зіхоткай хмурыны,

Зямлі і вады,

Як бяды,

Як духу злога,

Баяцца

Пад чорнымі крыламі
слова

Радыяцыя?

Мы адракліся ад свету
старога,

Атрэслі яго, як пыл,

З нашых ног.

Дарагою была перамога,

Аніякі нас вораг не
змог.

Няўжо гэта ў
радыеактыўным пыле

Задыхнуцца нашыя песні,

Нашыя казкі, былі?

І ўсё жывое ў вочы
свяціл

Зямля
атрасе, як пыл?

2

Як з гнязда бяды

Птушанят,

Развозяць па ўсёй
краіне

Палешучкоў

З галавы да пят,

Беларускі ласкавы
пагляд

Васільком зацвітае

Сінім.

І страха была,

Чарано было,

І было святла

Да Чарнобыля.

І накормлены,

І прытулены,

А ля Гомеля

Рукі матуліны

Хочуць гладзіць

Галоўкі кудлатыя.

Абміні іх, бальніца,

Палатамі!

А пачуюць мову дзядоў,

Зацвіце, як дома,
дзядоўнік,

З сёл далёкіх,

Насупленых гарадоў

Павядзе да босых слядоў

Дух вяртання –

Вечны вандроўнік.

Кім жа вернуцца

І калі,

Перабыўшы вырай
нязолкі,

На сваю зямлю,

Дзе раслі,

Дзе паверылі роднай
зямлі.

Да бусла,

Да шпака,

Перапёлкі?

 

Генадзь Бураўкін

З хронікі бяды

…Перазвоньваліся начальнікі:

– Што чуваць?

Што казаць?

Што рабіць?..

– Вы галоўнае там –

  без панікі.

Не надумайцеся трубіць…

– На палях – трактары і людзі.

Пасяўною занята
сяло…

– А што будзе, тое і будзе.

Толькі б
панікі не было!

– Ходзяць чуткі…

– Спыніць рашуча!

– Кажуць фізікі…

– Абвяргаць!

І галоўнае –
не накручваць

І залішне не думаць…

     маць…

…Над загадкамі
і сакрэтамі,

Быццам зрэбныя ніткі бяды,

Працягнуліся
між кабінетамі

Тэлефонныя
правады.

А ўжо стома гняце свінцова.

А ўжо ў горле засохлым пяршыць.

І падумаць бы,

                       як не
прамову,

А жыццё сваё завяршыць…

Трубка стала перагравацца,

Як гарматнае джарало:

– Што вы лезеце з радыяцыяй?!

Толькі б
панікі не было!!!

 

* * *

А пад раніцу глуха
зямля задрыжала,

І вятрыска не змог
мерны гул пагасіць –

Па маўклівых
прасеках, палянах, прагалах

Праімчалі
задыханым статкам ласі.

Хто ім значыў у шэрым
тумане дарогі?

Што на ногі ўзняло іхні
кемлівы род?..

Аб старыя яліны ламаючы
рогі,

Гнаў важак
іх няспынна на ўсход і на ўсход.

У празорлівым
воку ягоным сышліся

Вечаровыя здані і
пачварныя сны:

Двухгаловыя
рыбы, аблезлыя рысі

І сляпыя
бяздзюбыя бацяны.

Ён інстынктам
спрадвечным высочваў сцяжыны,

Ад знаёмых азёр ласянят
адганяў,

Вёў і вёў у дрымучыя
нетры чужыя,

Быццам
гналася следам ваўкадаваў гайня.

Не даваў перадыху
няўцямнаму спеху,

Хоць халоднай расой
спакушала трава,

Вечнай памяццю продкаў
адчуваў небяспеку,

Ад нязнанай пагрозы
статак свій ратаваў,

Нёс па лесе

На капытах

Чарнобыльскі пыл

І
чарнобыльскі страх…

 

Артур Вольскі

Боль Чарнобыля

Чым гэты боль нясцерпны
вымераць?

Ён не лягчэй за той – з вайны.

Ці можа край палескі вымерці

без аніякае
віны?

Няўжо атрутны вецер выпетрыць

пачуцці нашы, мову, слых?

Няўжо не
вернуцца дазіметры

да тых
паказчыкаў – былых?

Няўжо абапал
плыннай Прыпяці

лясы змарнеюць і палі?..

Усё стрываем, што ні
прыйдзецца,

каб не
застацца без зямлі;

каб жыта ў полі каласілася,

каб не радзеў лясоў гушчар,

каб над планетай не насілася

пагроза
смерці ў плойме хмар;

каб катастрофа немагчымаю

была; каб матухна Зямля

не ўпала, стаўшы Хірасімаю,

счарнелым
яблыкам з галля.

 

Анатоль
Вялюгін

Вясна трывогі нашай

Першы гром,

                    дрымотны і
далёкі,

як з нябыту рык старога тура.

У блакіце,

                 выцвілым ад спёкі,

лесавых аблок архітэктура.

Белыя харомы і павеці

панавіслі з комінам нароўні.

Ці не з Прыпяці

                          іх суне вецер

над бядою Ельска і Нароўлі?

На шляхі,

на поймы –

вецер з поўдня;

на раллю,

на вецце –

з поўдня вецер!

Двор акрыўшы

                      
шалясцістай капай,

застучэў у смоль закотных
дошчак,

зашаптаў у шыбы і закапаў

звонка ў пашчы бочак

                                    смутны дожджык.

Зноў цярпі, як некалі ў акопе.

Думка б’ецца, малання ў палоне:

штó ў вясняным частазвоне
кропель –

ёд ці стронцый?..

                          Цэзій ці палоній?..

Вон смарчкі,

бярозавік – з вядзерца!

Слепа

страх ліецца.

Ціха, сэрца.

Можа смерць устаць сцяной
калосся,

выспець на паляны невідома.

Колькі жыць, мой свеце,
засталося,

і лясной
вястунцы невядома.

Колькі год?.. Спытаем у зязюлі,

без даверу варажбітцы шэрай.

Весень,
весень…

                          Мы з табой адчулі

цяжкі подых

                   атамнае эры.

 

Ніл Гілевіч

У лета 1986-е

І занатуе летапісец рупны,

І ў нейкай
кнізе ў нейкі век наступны

Нашчадак прачытае дападны:

“Праз сорак з
гакам год пасля вайны

З яе крывёй, пажарамі,
разрухай,

З яе бяздомнай
бежанскаю скрухай, –

У піянерскіх лагерах пад
Мінскам,

Пад Гродняй, Віцебскам і
Верхнядзвінскам,

І на Літве, і
аж за Волгай дзесьці

Жылі з Палесся Прыпяцкага дзеці

І паўставаў у мове незнарок

Пявучы іх палескі гаварок.

У маляўнічых месцах адпачынак

Ім забяспечылі найлепшым чынам:

Паходы з
песнямі, забавы, гульні…

Ды быў на ўсіх чагосьці знак
агульны –

І ў па-дзіцячы
шчырай весялосці

Як бы знутры іх стрымлівала
штосьці.

Дарослыя ж, якія рэй вялі,

Да іх наўздзіў ласкавымі былі,

І за свавольства моцна не
журылі,

І аб усім бадзёра гаварылі,

А асабліва пафасна, бадай, –

Пра дом іх родны – іх палескі
край, –

Бо цешылі
сябе: маўляў, малыя

Не разумеюць трохі… Ну, а тыя

Былі малымі ядзернай эпохі –

І разумелі ўсё
зусім не трохі…

О дзеці, дзеці! Дзе мне вочы
дзець,

Каб вам, у
вашы вочы не глядзець?..”

 

Яўгенія Мальчэўская

1986

Адначасова – шчасце і бяда,

Адначасова – радасць і пакута.

Купаю сына – светлая вада,

А год –
радыяцыйная атрута.

Чарнобыля счарнелыя радкі

Ў пасведчанні нявіннага
дзіцяці.

І я, што найшчаслівейшая маці,

Сціраю
слёзы страху са шчакі.

This entry was posted in Искусство против ядерных технологий. Bookmark the permalink.