У гэты дзень у 2005 годзе на брытанскім заводзе па перапрацоўцы ядравага паліва Сэлафільд (былы Ўіндскэйл) праходзіла рэінвентарызацыя. Выявілася, што 29,6 кілаграмы плутонія… дзесьці згубіліся. Гэтай колькасці дастаткова, каб зрабіць сем ядравых бомбаў. Не знайшлі таксама 16,4 кілаграмы урану На меркаванне МАГАТЭ, дастаткова 7-10 дзён, каб вырабіць бомбу з такіх матэрыялаў, але пра іх знікненне было паведамлена толькі праз некалькі месяцаў. За год да таго на Селафільдзе не далічыліся яшчэ 19 кг плутонія.
(http://news.bbc.co.uk/go/pr/fr/-/2/hi/uk_news/4272691.stm)
У ЗША і Брытаніі на хвалі антытэрарыстычнай гістэрыі ўлады праводзілі палітычныя рэпрэсіі супраць актывістаў грамадскіх аб’яднанняў і кампаній, усталёўвалі новыя відэакамеры сачэння ў публічных месцах ды іншымі шляхамі абмяжоўвалі правы асобы, але нічога не рабілася, каб па-сапраўднаму зменшыць пагрозу тэрарыстычных актаў. Адным з антытэрарыстычных крокаў можа быць… спыненне заводаў па "перапрацоўцы" ядравага паліва. Такія заводы вырабляюць прыдатныя для выкарыстання ў зброі уран ды плутоній, і на ўсіх такіх заводах дакладна падлічыць колькасць плутонію не могуць. Штогод па свеце "раствараецца" ці "губляецца ў трубах" на перапрацоўчых заводах больш за сотню кіло плутонію. Фактычна, любы работнік завода можа вынесці дастаткова матэрыялаў для бомбы, і здарэння ніхто не заўважыць!
Апрача таго, заводы па "перапрацоўцы" адпрацаванага ядравага паліва шматкроць павялічваюць колькасць радыёактыўных адкідаў, а значыць, і верагоднасці іх расцярушвання па свеце. Такія заводы таксама з’яўляюцца зручнай мішэнню для тэрарыстычнай атакі. Хочаце другі Чарнобыль? Запуліце пару ракет на склад у Сэлафільдзе!
Піша дырэктар Адукацыйнага цэнтру па палітыцы нераспаўсюду (Вашынгтон) Генры Сакольскі:
"Адной з пагрозаў ёсць працягванне стварэння ядравых паліваў, прыдатных для выкарыстання ў зброі. Іх магчымую пакражу немагчыма заўважыць своечасова. Пагаршае сітуацыю дзяржаўная падтрымка неэканамічнай і небяспечнай вытворчасці ядравага паліва. Падчас такой вытворчасці штогод ствараецца матэрыял для мноства ядравых бомбаў, і ягоная дакладная колькасць не паддаецца падліку. Агульная колькасць такіх матэрыялаў на грамадзянскіх пляцоўках па свеце пачынае перавышаць колькасць, якой распалагаюць ваенныя".
(www.npec-web.org/Presentations/article060201Rethinking%20Nuclear%20Terrorism.pdf)
Цяпер, у лютым 2009 года скандал выклікала рэкламная абвестка ў Whitehaven News, мясцовай газеце заходняй Кумбрыі, дзе месціцца Сэлафільд. LLW Repository Ltd, кампанія, якая нядаўна прыняла на сябе кіраўніцтва вытворчасцю, знайшла істотныя прарэхі ў дакументацыі наконт таго, што менавіта за радыёактыўныя адкіды былі запампаваныя ў сховішча ў прылеглым мястэчку Дрыг (Drigg). Цяпер кампанія просіць былых працаўнікоў Сэлафільду пачухаць патыліцу і распавесьці, якую менавіта гадасць яны скідалі ў Дрыгу ў 60-я, 70-я і 80-я гады мінулага стагоддзя.
(http://www.greenpeace.org.uk/blog/nuclear/waste-company-says-whoops-some-our-files-are-missing-20090217)
Брытанскі Грынпіс лічыць, што пасля такіх залепаў завод па перапрацоўцы ядравага паліва зачыняць – надта шмат ён з’еў грошаў падаткаплацельшчыкаў (472 мільёны фунтаў), а прыбыткаў не прынёс. І не толькі не пачаў працаваць як след, але нават дакументацыя як след на ім не вядзецца. А гэта не склад будаўнічых матэрыялаў, гэта сховішча самай небяспечнай у свеце атруты! (http://www.greenpeace.org.uk/media/press-releases/sellafield-plant-may-have-shut-20090217)