Грамадскасць аднагалосна выказалася супраць АЭС у Беларусі

Узята з https://belarus.indymedia.org/18085

Сёння, 17 верасня 2009 г., адбылося пазачарговае паседжанне
Грамадскага каардынацыйнага савета пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў
і аховы навакольнага асяроддзя. Адзіным пытаннем у павестцы дня было
"Об оценке воздействия на окружающую среду АЭС в Республике Беларусь".

Былі зачытаныя тры даклады. Людзі, якія павінны былі б зрабіць
незалежную экспертную ацэнку ўздзеяння АЭС на прыроду і грамадства і
прадставіць яе публіцы, насамрэч займаліся прапагандай "мірнага атаму".
Гучалі недобрасумленныя заявы. Напрыклад, па словах Андрэя Катанаева,
на рэактарах тыпу ВВЭР "не было ни одного события с выбросом
радиоактивности в окружающую среду". Якаў Кенігсберг цвердзіў, быццам
іншых аварый з выкідам радыёнуклідаў у навакольнае асяроддзе, апрача
Тры-Майл-Айлэндскай і Чарнобыльскай, не было.

Запрашэнні на паседжанне былі разасланыя ўсяго за два дні, таму з 16
удзельнікаў савета прысутнічала толькі пяцёра. Ад грамадскіх
арганізацый дайшлі яшчэ некалькі ня-ўдзельнікаў савета. Многія адсутныя
наракалі на запозненасць запрашэння. Усе яны адзінагалосна (і
прысутныя, і адсутныя) выступілі супраць планаў будаўніцтва АЭС у
Беларусі і дзе б тое ні было яшчэ (выняткам паслужылі прадстаўніцы
Зялёнага крыжа і БРСМ, якія палічылі за лепшае адмаўчацца).

Нягледзячы на тое, што на азнаямленне з папярэдняй ацэнкай уздзеяння
на навакольнае асяроддзе ў грамадскасці быў толькі тыдзень, у гэтым
дакуменце ужо паспелі знайсці безліч памылак, недарэчнасцяў,
недагаворак, пра што і было распаведзена. Ад адказу на большасць
пытанняў прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый распрацоўшчыкі ацэнкі
ўздзеяння фактычна ўхіліліся, чым толькі павялічылі падазрэнні ў сваёй
некампетэнтнасці.

Прадстаўнікі грамадскасці запатрабавалі правядзення грамадскіх
слуханняў не толькі ў Астраўцы, але і ў Менску ды ў іншых месцах
краіны, бо магчымае ўздзеянне АЭС можа распасцірацца на сотні і тысячы
кіламетраў.

Прадстаўнікі мінпрыроды, мінэнэргетыкі ды іншых кантор паставілі
галачку і разышліся. Якім чынам вынікі гэтага абмеркавання паўплываюць
на прыняцце рашэння аб будаўніцтве ці не-будаўніцтве АЭС, застаецца
толькі здагадвацца.

This entry was posted in Общая. Bookmark the permalink.