4 жніўня 2009
Сёння ў судзе Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы адбылося папярэдняе
паседжанне па іску КУРЭП "ЖРЭУ г. Баранавічы". Камунальнікі патрабуюць
у траіх маладзёнаў 3 353 256 рублёў за зафарбоўванне графіці на сценах
і платах горада.
У ноч з 25 на 26 красавіка бягучага году Аляксей Жынгероўскі і двое
яго сяброў былі затрыманыя каля Баранавіцкага райвыканкама. Пазней на
судзе і адміністрацыйных камісіях іх прызналі вінаватымі ў нанясенні
трох графіці "Нет АЭС" і далі штрафы розных памераў па арт. 17.1 КаАП.
Цяпер ЖРЭУ спрабуе прымусіць юнакоў аплаціць зафарбоўванне 19-ці
розных надпісаў па вуліцах Брэсцкая, Савецкая, Войкава і Леніна. У
нефармальных гутарках супрацоўнікі міліцыі паведамляюць, нібыта мэр
горада "ўзяў справу пад свой кантроль" і дзеянні ЖРЭУ тлумачацца
ціскам з боку адміністрацыі.
Адказчыкі лічаць патрабаванні камунальнікаў неабгрунтаванымі і
абсурднымі. "Гэта нішто іншае, як адміністрацыйны ўціск грамадскіх
актывістаў," – кажа Аляксей Жынгероўскі. – "Але нягледзячы на такую
дзіўную форму рэпрэсій я застаюся пры сваіх ранейшых перакананнях і
лічу будаўніцтва АЭС шкоднай задумай".