12 сакавіка 2009 года пачалася самая вялікая перавозка ядравых адкідаў з Нямеччыны ў Расію. З уранавага камбіната ў Гронаў быў накіраваны цягнік з радыёактыўнымі адкідамі. 25 вагонаў перавозілі 1250 тон уранавых "хвастоў". Раней адгружалася па 1000 тон за раз. Верагодна, павелічэнне памеру партыі звязана са сканчэннем тэрміну кантракта паміж Urenco і "Росатом" (ён завяршаецца ў бягучым годзе). З 1996 года ў Расію накіравана каля 100.000 тон уранавых "хвастоў". У пятніцу 14 сакавіка ў 18:30 па мясцовым часе судна MV Schouwenbank з небяспечным грузам выйшла з порта Ротэрдам і ўзяла курс на Санкт-Пецярбург.
Судна з рэкордным грузам прайшло паблізу гарадоў Капенгаген і Мальмё (15 сакавіка), Талін і Хельсінкі (17 сакавіка) і прыбыла ў Санкт-Пецярбург 18 сакавіка. Адтуль адкіды накіраваліся чыгункай у Новауральск (Свярдлоўская вобласць).
Акцыі пратэсту прайшлі ў Гронаў, а таксама на вакзалах Мюнстэра ды іншых нямецкіх гарадоў, праз якія ішоў састаў. У Расіі пікеты супраць увоза ядравых адкідаў мелі месца ў Санкт-Пецярбургу (19 сакавіка) і Маскве (23 сакавіка, каля будынка кампаніі "Росатом"). 20-22 сакавіка ў Маскве адбылася канферэнцыя "Зялёны рух Расіі ды экалагічныя выклікі", якая, сярод іншага, прыняла рэзалюцыю супраць увоза ядравых адкідаў і звярнулася ў Генпракуратуру РФ з патрабаваннем спыніць беззаконне (кантракт на "ўтылізацыю" быў заключаны насуперак расійскаму заканадаўству).
Паводле паведамленняў atomtransport.ru, antiatom.ru ды piter.indymedia.org.