Каляндар атамнай эры. 14 траўня

У гэты дзень у 1995 годзе канадскія атамшчыкі парадавалі сваіх суайчыннікаў. Цэлыя 25 тонаў цяжкай вады было выліта ў возера Гурон з атамнай электрастанцыі Брус. Гэта быў далёка не адзіны выпадак падобнага кшталту ў Канадзе. Падобныя інцыдэнты здараліся на розных АЭС у 1990, 1991, 1992, 1994 і 1996 гадах. А ў 1997 высветлілі, што кампанія Ontario Hydro 20 гадоў хавала звесткі пра забруджанне трыціем грунтовых водаў на пляцоўцы АЭС Пікерынг.

Канадскія рэактары CANDU наогул выкідаюць у паветра і бліжэйшыя вадаёмы (знакамітыя Вялікія Азёры, дарэчы) нашмат больш трыцію, чым рэактары іншых тыпаў. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі саміх атамшчыкаў, канадскія рэактары тыпу CANDU штогод выкідаюць у навакольнае асяроддзе 3-4 тысячы тэрабекерэляў трыцію. Доктар Ян Фэйрлі з Лондану звяртае ўвагу, што гэта больш за 10% натуральнага ўтварэння трыцію ў паўночным паўшар’і. Даказана, што штучна створаны трыцій трапляе ў арганізмы канадцаў праз паветра і пітную ваду. Часта ўзроўні канцэнтрацыі перавышаюць натуральны ў некалькі разоў.

Трыцій – радыёактыўны ізатоп вадароду. Ён ўваходзіць у цяжкую ваду замест звычайнага вадароду. Трыцій – адзін з так званых глабальных радыёнуклідаў. Ён надзвычайна рухомы і хутка распаўсюджваецца па ўсёй атмасферы. Трыцій лёгка ўваходзіць у хімічныя злучэнні з вугляродам. У арганічных злучэннях трыцій на 20-50 разоў даўжэй затрымліваецца ў арганізме чалавека. Як і большасць радыёнуклідаў, трыцій – канцэраген, мутаген і тэратаген (то бок выклікае рак, мутацыі і смерць). Але канадскі ўрад лічыць за лепшае не прызнаваць небяспеку і не прымаць новых мер па абароне насельніцтва – і хай сабе ў азёрах Гурон і Антарыё канцэнтрацыя трыцію ў 3,5 разы вышэй за прыродную. Галоўнае, што гранічна дапушчальныя нормы не перавышаны! (Як падобна на айчынных аматараў вызначаць, якая вёска ўжо "ачысцілася" ад чарнобыльскай радыяцыі…)

Пра канадскія рэактары можна шмат чаго распавесці. Напрыклад, што Пікерынг знаходзіцца ў 30 кіламетрах ад Таронта, хаця паўсюль у свеце прынята будаваць АЭС на адлегласці прынамсі 100 км ад буйных гарадоў. І што CANDU на выхадзе дае матэрыялы, прыдатныя для выкарыстання ў ядзенай зброі – таму іх з вялікім энтузіязмам закупілі ў свой час Індыя ды Пакістан (http://www.greenpeace.org/canada/en/documents-and-links/publications/candu6_report). Або што вакол працаў па паўторнаму запуску некаторых рэактараў Пікерынга ў 2003 разгарэўся гучны фінансавы скандал – грошы падаткаплацельшчыкаў выдзяляліся, а справы стаялі. Думаеце, вінаватыя нячыстыя на руку кіраўнікі? Не, гэта сама канструкцыя рэактараў дазваляе бясконца ўкладваць грошы ў іх рамонт – настолькі шмат там пралікаў.

Але ўвага чытача не бясконцая – спынімся на адной дэталі. Яшчэ ў 1993 (!) годзе прадстаўнікі Беларусі, Канады і Расіі падпісалі пратакол па выкарыстанні ў Беларусі рэактара CANDU (http://kairos.noblogs.org/resource/ahulnyja/view/atom2000web.pdf). Скажам вялікі дзякуй лёсу за тое, што той пратакол застаўся толькі на паперы.

This entry was posted in Каляндар атамнай эры. Bookmark the permalink.