У гэты дзень у 2007 годзе адразу на дзвюх нямецкіх атамных электроўнях здарыліся надзвычайныя сітуацыі. Спачатку на АЭС Брунсбюттэль (Brunsbüttel) здарылася кароткае замыканне. Аўтаматыка адключыла рэактар, і ў выніку частка Гамбургу засталася на некалькі гадзін без электрычнасці. А пасля на АЭС Круммель (Krümmel) здарыўся пажар на трансфарматары. Ізноў аўтаматыка адключыла рэактар. Пажар доўжыўся каля дзвюх гадзін (Deutsche Welle).
Абедзьве АЭС дагэтуль адключаныя ад сеткі і рамантуюцца. Многія ў Нямеччыне, у тым ліку і федэральны міністр экалогіі Зігмар Габрыэль, патрабавалі і патрабуюць неадкладна і назаўжды спыніць гэтыя АЭС (Deutsche Welle).
Круммель быў адной з першых заходненямецкіх АЭС, каля якой заўважылі рэзкі рост захворвання дзетак на лейкемію. У пяцікіламетровай акрузе АЭС Круммель з 1989 прынамсі 19 дзетак захварэлі на леўкемію. Гэта найбольшая ў свеце лічба для такой малой тэрыторыі.
Яшчэ Круммель знакаміты колькасцю здарэнняў. З моманта ўвода станцыі ў эксплуатацыю ў 1984 годзе адбылося больш за 300 здарэнняў, абавязковых для паведамлення ў адпаведныя інстанцыі. Сістэма бяспекі станцыі састарэла і не адпавядае сучасным патрабаванням.
Круммель, як і Брунсбюттэль, належаць кампаніі Vattenfall. Культура бяспекі на АЭС гэтай кампаніі стала прадметам асобнага дакладу Грынпіс. Толькі за няпоўныя шэсць год (са снежня 2001 па чэрвень 2007) на чатырох АЭС Vattenfall у Нямеччыне і Швецыі здарылася больш за 15 сур’ёзных інцыдэнтаў.
Абедзьве АЭС знаходзяцца ў федэральнай зямлі Шлезвіг-Гальштэйн, непадалёку ад (другога) па велічыні горада краіны Гамбурга (Круммель наогул у прыгарадзе – 30 км). Нядзіва, што жыхары мегаполіса выступаюць супраць планаў электрычных карпарацый ізноў запусціць АЭС (напрыклад, грамадзянская кампанія .ausgestrahlt). Дарэчы, 26 красавіка 2009 году падчас дэманстрацыі каля Круммеля прайшла прамая сувязь з Менскам. Беларускія таварышы распавялі нямецкім пра вынікі Чарнобыльскага шляху ды іншых юбілейных урачыстасцяў, а нямецкія беларускім – пра свае поспехі ў закрыцці старых АЭС і недапушчэнні будаўніцтва новых.